КЛІМАТЫ́ЧНЫЯ СЕЗО́НЫ,

часткі года працягласцю ў некалькі месяцаў, якія вызначаюцца кліматычнымі асаблівасцямі. У экватарыяльным поясе з раўнамерным увільгатненнем і малой амплітудай змены т-ры на працягу года К.с. амаль не выяўляюцца. У субэкватарыяльным, трапічным і часткова субтрапічным паясах К.с. вылучаюць у асноўным па рэжыме ўвільгатнення, адрозніваюць сухі сезон (з малой колькасцю ападкаў) і вільготны сезон (са значнай колькасцю ападкаў). Ва ўмераным поясе добра выражаны 4 самаст. сезоны — вясна, лета, восень і зіма, якія вылучаюць пераважна па тэрмічных умовах. Для палярных раёнаў характэрны працяглая зіма і кароткае лета, а пераходныя К.с. выражаны слаба.

т. 8, с. 340

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)